Краснасельскі. Георгіеўская царква
2005.10
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў 1999-2000 гг. з цэглы, спраектавана ў майстэрні Гроднаграмадзянпраекта. Твор архітэктуры ў стылізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Вырашана кубападобным аб’ёмам, да якога далучана паўкруглая апсіда, нізкі прытвор, бакавыя паперці. Асноўны аб’ём завершаны 5-купаллем – цыбулепадобныя купалы на цыліндрычных барабанах (цэнтральны светлавы). Ідэнтычныя фасады па цэнтры вылучаны рызалітамі, завершанымі кілепадобнымі аркамі, па баках высокія арачныя аконныя праёмы. Кілепадобнае 3-лопаснае завяршэнне мае прытвор, над дахам якога ўзведзена макаўка на цыліндрычным барабане. Вырашэнне фасадаў 2-колернае: на жоўтым фоне цаглянай муроўкі вылучаны чырвонай цэглай фрызавая частка, маленькія крыжы пад вокнамі. Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 209. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)