Паніквы. Успенская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1791 г. з дрэва, у 1912 г. рэканструявана. Абнесена бутавай анароджай з брамай.

   Помнік народнага дойлідства. Мае падоўжна-восевую кампазіцыю, якая складаецца з прамавугольных у плане зрубаў: прытвора з 2-яруснай чацверыковай званіцай з макаўкай (прыбудавана пазней), асноўнага аб'ёму, 3-граннай апсіды з рызніцай. Асноўны аб'ём у цэнтры ўвянчаны цыбулепадобнай галоўкай на гранёным барабане, над апсідай макаўка. Асноўны прыём дэкаратыўнай апрацоўкі фасадаў — спалучэнне гарызантальнай і вертыкальнай шалёўкі. Мастацкая выразнасць дасягаецца падпарадкаваннем рознавялікіх аб'ёмаў, аб'яднаных у развітую ярусную кампазіцыю. Уваход у царкву вылучаны невялікім казырком на фігурных кранштэйнах.

   Зала асветлена высокімі лучковымі аконнымі праёмамі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Унутры над уваходам — хоры. Абразы 17 — 18 ст.: «Успенне», «Маці Божая Адзігітрыя» ў сярэбраных з пазалотай абкладах, абраз-фератрон «Святая Варвара» і «Маці Божая Адзігітрыя».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4