Горкі. Храм Ушэсця Гасподняга
2006.10
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў 1863 г. цэглы паводле праекта архітэктара А. Каміконі пры Горацкім земляробчым вучылішчы.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічная 4-часткавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольных аб'ёмаў прытвора, трапезнай, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, апсіды. Сяродкрыжжа вянчае буйны цыліндрычны светлавы барабан з купальным пакрыццём. Другая вертыкальная дамінанта ў сілуэце будынка — 1-ярусная шатровая званіца, надбудавана над прытворам. Фасады завершаны закамарамі, крапаваны лапаткамі, арачнымі нішамі і круглымі разеткамі. Вузкія арачныя аконныя праёмы дэкарыраваны пластычнымі кілепадобнымі  ліштвамі. Уваход аформлены кілепадобным парталам.

У інтэр'еры пануе прастора сяродкрыжжа, павялічаная на вышыню барабана і сферычнага купала, абапёртых цераз ветразі на вуглавыя пілоны. Прыдзелы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, асвятляюцца строенымі аконнымі праёмамі. Прамавугольная апсіда адкрыта шырокім арачным прасветам і вылучана 3-ярусным пазалочаным драўляным іканастасам, таксама выкананым у рэтраспектыўна-рускім стылі.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)